СТА́ЎКА РЭФІНАНСАВА́ННЯ, уліковая, дысконтная стаўка,

працэнтная стаўка, пад якую цэнтр. банк краіны (напр., Нац. банк Рэспублікі Беларусь) выдае крэдыты камерцыйным банкам для папаўнення іх грашовых рэзерваў і крэдытавання прадпрыемстваў, камерцыйных фірм, прадпрымальнікаў. Мяняецца ў залежнасці ад попыту на крэдыты, існуючых рэсурсаў і тэмпаў інфляцыі. С.р. цэнтр. банк можа рэгуляваць узровень ліквіднасці камерцыйных банкаў, іх крэдытную актыўнасць, аб’ём грашовай масы ў краіне, а таксама валютны курс і плацежны баланс. Яна вызначае ўмовы рынку каштоўных папер, адлюстроўваецца на адносінах насельніцтва да ашчаджання і інвестыцый.

Літ.:

Деньги, кредит, банки. Мн., 1997;

Деньги. Кредит Банки. Ценные бумаги: Практикум. М., 2001.

М.​Маркусенка.

т. 15, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)